ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т БССР (ЦВК БССР),
вышэйшы заканадаўчы, распарадчы і кантрольны орган дзярж. улады БССР паміж Усебел. з’ездамі Саветаў у 1919—38. Выбіраўся на з’ездах Саветаў і быў падсправаздачны ім. Першы ЦВК БССР сфарміраваны на Першым Усебеларускім з’ездзе Саветаў у Мінску (2—3.2.1919).
Усяго адбылося 11 скліканняў ЦВК БССР. ЦВК вызначаў агульны кірунак дзейнасці рабоча-сял. ўрада і ўсіх органаў сав. улады ў рэспубліцы, аб’ядноўваў і ўзгадняў работу па заканадаўстве і кіраванні, наглядаў за выкананнем Канстытуцыі, пастаноў з’ездаў Саветаў і цэнтр. органаў сав. улады, разглядаў і зацвярджаў праекты дэкрэтаў і інш. прапановы, што ўносіліся асобнымі ведамствамі, выдаваў дэкрэты і распараджэнні, склікаў з’езды Саветаў, уносіў частковыя змяненні ў Канстытуцыю з далейшым зацвярджэннем іх з’ездам Саветаў, утвараў цэнтр. органы дзярж. улады і кіравання, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва палітыкай і нар. гаспадаркай рэспублікі, устанаўліваў рэсп. бюджэт, заключаў дагаворы на знешнія і ўнутр. пазыкі, прымаў кодэксы законаў БССР, аб’яўляў агульную і прыватную амністыю, устанаўліваў адм.-тэр. падзел БССР, адмяняў пастановы акр. з’ездаў Саветаў і дзярж. органаў БССР, калі яны супярэчылі Канстытуцыі; меў права вырашаць любыя пытанні, што не адносіліся да кампетэнцыі Саюза ССР і выключнага вырашэння на Усебел. з’ездах Саветаў. ЦВК БССР фарміраваў урад рэспублікі — Савет Народных Камісараў БССР (СНК БССР). Паводле Канстытуцыі Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Беларусь 1919 ЦВК выбіраў Вялікі і Малы Прэзідыумы ЦВК. Вялікі Прэзідыум выконваў функцыі ўрада, Малы Прэзідыум з’яўляўся агульным аператыўным выканаўчым органам для ЦВК і Вялікага Прэзідыума. З 1920 ЦВК БССР пачаў выбіраць адзіны Прэзідыум. У сувязі з вял. аб’ёмам работы ЦВК і Прэзідыум ЦВК стваралі дапаможныя органы; Сакратарыят Прэзідыума ЦВК і яго аддзелы, пастаянныя і часовыя камісіі ЦВК. Сесіі ЦВК БССР павінны былі склікацца Прэзідыумам ЦВК штомесячна, нечарговыя, або надзвычайныя, сесіі ЦВК — па ініцыятыве Прэзідыума ЦВК, прапанове СНК БССР або патрабаванні 1/3 членаў ЦВК. Апошняя сесія ЦВК 11-га склікання праведзена 13.11.1937. ЦВК апошняга 11-га склікання быў сфарміраваны Адзінаццатым Усебеларускім з’ездам Саветаў (14—22.1.1935) і дзейнічаў да выбрання Вярх. Савета БССР (гл. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь).
Старшыні ЦВК БССР: А.Р.Чарвякоў (1920—37), М.В.Стакун (7.7—13.11.1937), Н.Я.Наталевіч (в.а., 14.11.1937—38).
Літ.:
Широков А.Т. ЦИК Белорусской ССР в 1919—1936 гг. Мн., 1979;
Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд. Мн., 2000.
І.Г.Яцкевіч.
т. 17, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)